Фота Рамана Патапчука

Зьміцер Саўка

Для аўтара гэтага рэсурсу Зьмітра Саўкі вывучэньне мовы было ня проста працаю, пакліканьнем ці зацікаўленасьцю, мова была ягоным паветрам, жыцьцём. Інакш ня вытлумачыць той энэргіі ды апантанасьці, зь якой ён браўся за разьвязаньне самых складаных лінгвістычных задачаў – дзеля патрэбаў рэальных карыстальнікаў, а не абароны навуковай ступені.

«Добрапіс», задуманы ды зрэалізаваны спадаром Саўкам (разам з праграмістам Алесем Булойчыкам) як шматфункцыйны сэрвіс, правярае артаграфію ў двух беларускіх правапісах: афіцыйным і клясычным. Аўтар, вядомы як апалягет «тарашкевіцы», дбаў пра захаваньне і развіцьцё дасягненьняў вольнага бытавання мовы – незалежна ад правапісу.

Папулярызуючы прынятую афіцыйна «Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь», Зьміцер Саўка тлумачыў, наколькі важна належна прэзэнтаваць сябе некірылічнаму сьвету. Пры дапамозе канвэртару лацінкі «Добрапіс» дапаможа пісьменна перадаць беларускія найменьні ў іншамоўных варыянтах сайтаў ці прапісаць адрасы інтэрнэт-старонак – лацінкаю па-беларуску.

Сярод даробку навукоўца – практычныя інструкцыі для адаптацыі іншамоўных уласных назоваў зь дзясяткаў моваў. Гэты новы, але вельмі патрэбны для беларускай філялёгіі кірунак – важкі аргумэнт на карысьць сьпеласьці нашай мовы. Практычны вынік плённай навуковай працы ў гэтай галіне – разьдзел «Іншамоўныя імёны», база якога і пасьля сыходу мовазнаўца штодзень папаўняецца дзясяткамі новых адаптацыяў: імёнамі спартоўцаў, музыкаў, палітыкаў, назвамі замежных арганізацыяў.

Разбудоўваецца ды ўдасканальваецца і асноўная частка рэсурсу – праверка артаграфіі. «Добрапіс» – жывы і разьвіваны сэрвіс. І запатрабаванасьць у карыстальнікаў – найлепшая памяць пра аўтара, выдатнага беларускага мовазнаўца Зьмітра Саўку.